У апошнія выхадныя ліпеня прафсаюзная арганізацыя Нацыянальнага банка зладзіла для сваіх сяброў двухдзённую экскурсію ў каралеўскі горад Гродна.
Колькі б вы не завітвалі да гэтага старажытнага горада, ніколі не надакучыць шпацыраваць па вуліцы Савецкай, захапляцца веліччу Фарнага касцёла Св. Францішка Ксаверыя ці здзіўляцца пастаяннай зменлівасці Старога і Новага замкаў. Шмат чаго мы ўбачылі ў Гродна: пажарную каланчу (змаглі паслухаць трубача, які на ёй штодня грае а 12 гадзіне), помнікі вучонаму Жыліберу, італьянскаму архітэктару Джузэпэ Сака і пісьменніцы Элізе Ажэшка, старадаўнюю забудову горада, касцёлы, цэрквы і лютэранскую кірху. Дайшлі мы і да самай старажытнай драўлянай пабудовы Беларусі: Лямуса Брыгіцкага кляштара 17 стагоддзя. Завіталі да Каложскай Барысаглебскай царквы 12 стагоддзя і наведалі Ваенны мемарыял Гродна.
Яшчэ адным пунктам нашай вандроўкі стаяў Аўгустоўскі канал. Цікавейшая інжынерная пабудова і маляўнічыя краявіды, якія мы назіралі пад час катання на цеплаходзе, нікога не могуць пакінуць абыякавым.
Праграма была надзвычай насычаная. Заўсёды ў гэтым цудоўным горадзе адкрываеш для сябе нешта новае і цікавае.
Але вандроўка без добрых сяброў была б не вельмі ўдалай. Дзякуй усім, хто падарожнічаў разам з прафсаюзам і тым, хто дапамагаў і здзіўляў нас падчас гэтай вандроўкі.
Асобная падзяка мэнэджарам ТЭУП “Беларустурыст”, якія арганічна склалі ўсе часткі праграмы: прафесійнае транспартнае абслугоўванне, утульнае пражыванне (мы, нават, атрымалі камплімент ад гасцініцы “Турыст”), вельмі добры падбор рэстаранаў, дзе нас смачна кармілі і гэтак далей.