1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 358-92-33

Медиагалерея

«Тихая война», или Как санкции разрушают страны

Наши партнеры

ГлавнаяНовостиЦенные кадры: “Выхоўваць моладзь – трымаць у руках будучыню…”
12 апреля 2024

Ценные кадры: “Выхоўваць моладзь – трымаць у руках будучыню…”

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, выдатнік адукацыі Шарлан Святлана Іосіфаўна застаецца вернай свайму прызванню “сеяць светлае, добрае, вечнае” ўжо на працягу 34 гадоў, 15 з якіх аддадзена выхаванню будучых абаронцаў Айчыны.

– Шлях педагога складаны, яскравы і насычаны самымі разнастайнымі падзеямі. Святлана Іосіфаўна, з чаго, на Вашу думку, ён пачынаецца і што служыць галоўным арыенцірам гэтага руху?

– Я лічу, што прафесія настаўніка патрабуе асаблівага настрою і энергіі. А пачынаўся мой шлях, вядома ж, ад родных сцяжын Гродзеншчыны, ад любімых школьных настаўнікаў, якіх я заўсёды ўспамінаю з сардэчнай цеплынёй і падзякай. Далей узнёслы і захапляльны перыяд вучобы на філалагічным факультэце БДУ, хвалюючыя, напоўненыя няпростымі задачамі і плённымі здзяйсненнямі гады працы ў сталічных школах. З 2009 года – выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. Гэты яскравы перыяд звязаны з жаданнем прымяніць веды і вопыт на больш высокім узроўні, выхоўваць сувораўцаў праз далучэнне да непаўторнасці і мілагучнасці роднай мовы, да самабытнасці і каштоўнасці твораў беларускай літаратуры. І арыенцірам гэтага шляху з’яўляецца шчырая любоў да сваёй справы, павага асобы кожнага навучэнца, радасць за яго поспехі і перамогі.

– Дзейнасць настаўніка заўсёды накіравана на дасягненне вынікаў. Але ж час не стаіць на месцы, мяняюцца пакаленні, ставяцца новыя задачы. Раскрыйце, калі ласка, сакрэты педагагічнага майстэрства, якія дазваляюць спраўляцца з выклікамі часу.

– Самым важным з’яўляецца прынцып няспыннасці руху: настаўнік не можа затрымацца на адным узроўні, ён увесь час самаўдасканальваецца, цікавіцца сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі, павышае свой метадычны ўзровень. Гэта своеасаблівы закон нашай дзейнасці – напаўняць ведамі, насычаць верай у свае сілы вучняў і адчуваць энергію і пазітыў узамен.

– Сучасная навучальная ўстанова выхоўвае высокаінтэлектуальнага, самастойнага і актыўнага грамадзяніна. Трывалыя веды, добрыя адзнакі, паспяховыя вынікі экзаменаў або ўсебаковае развіццё, выхаванасць, актыўнасць асобы? Што павінна быць вырашальным, самым важным?

– Я думаю, што перавага за комплексным падыходам да адукацыйна-выхаваўчага працэсу. Сучаснасць ставіць перад намі задачу падрыхтоўкі граматных,  самастойных, здольных да самаадукацыі, валодаючых асноўнымі кампетэнцыямі выпускнікоў. Мэта настаўніка – знайсці такія формы і метады работы, якія спрыяюць развіццю мыслення, уменню аналізаваць, здольнасці да самастойнай дзейнасці і творчасці. І я заўсёды ганаруся сваімі сувораўцамі, пераможцамі і прызёрамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Таксама радуюць мяне вынікі рэспубліканскіх конкурсаў творчых работ “Я – беларускі кадэт” і міжнародных конкурсаў літаратурнай творчасці “Проба пяра”. Мае сувораўцы на працягу многіх гадоў адзначаюцца дыпломамі высокіх ступеняў за творчыя работы ў намінацыях “Слаўны летапіс маёй сям’і”, “Мастацтва на перадавой”, “Мае продкі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць маёй Радзімы”, “Героі той вайны далёкай”, “У імя будучыні”.

Галоўная мэта ўсіх нашых намаганняў – гэта выхаванне патрыятычнай самасвядомасці сувораўцаў, якая выражаецца ў любові да роднай зямлі, павазе да сваёй гісторыі, у адданым служэнні Айчыне. Выхоўваць моладзь – трымаць у руках будучыню. На сцвярджэнне гэтай ісціны скіравана не толькі мая работа, але і дзейнасць усяго афіцэрска-педагагічнага састава вучылішча. Мэтанакіраванае выкарыстанне магчымасцей нашай выхаваўчай прасторы спрыяе вырашэнню задач патрыятычнага выхавання, фарміраванню пачуцця адказнасці за будучыню Радзімы, гонару за свой народ і сваю краіну.

– Святлана Іосіфаўна, Вы больш за 10 гадоў з’яўляецеся членам прафсаюзнага камітэта Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Што гэта дзейнасць дае Вам як настаўніку і як члену працоўнага калектыву?

Я заўсёды займаю актыўную жыццёвую пазіцыю, імкнуся ўдзельнічаць у сумесных калектыўных справах, у вырашэнні агульных задач. Мы павінны быць крэатыўнымі, адкрытымі для супрацоўніцтва, для самых розных творчых праектаў. Як член прафсаюзнага камітэта, я прымала актыўны ўдзел у арганізацыі выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у правядзенні цёплых і душэўных сустрэч у літаратурнай гасціннай, у падрыхтоўцы да рэспубліканскага конкурсу відэаролікаў “Прывітанне, пярвічка!”, фотаконкурсаў “Мы і любімая газета”, “Мой навагодні офіс”. Маім захапленнем, звязаным і з непасрэднай настаўніцкай дзейнасцю, сталі цікавыя і пазнавальныя экскурсійныя паездкі нашага калектыву – вандроўкі ў музейныя комплексы “Дукорскі маёнтак”, “Дудуткі”, у Косаўскі дварцова-паркавы комплекс, у парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”, у музей-сядзібу
М.К.Агінскага. І той пазітыўны настрой, узаемападтрымка і павага, якія напаўняюць усе нашы творчыя справы, дапамагаюць знайсці шлях для выканання многіх складаных задач, пастаўленых перад калектывам.

– Святлана Іосіфаўна, Ваша дзейнасць шматгранная, Вы дасягнулі высокіх вынікаў, за якія адзначаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. Якім чынам Вы трансліруеце свой педагагічны вопыт, дзе можна пазнаёміцца з Вашымі напрацоўкамі?

Такая ў нас прафесія – вучыць і вучыцца ўсё жыццё, быць у пастаянным пошуку сучасных падыходаў да навучання. Для мяне змястоўным, дазваляючым павысіць прафесійны ўзровень, а таксама падзяліцца сваімі здабыткамі з’яўляецца супрацоўніцтва з рэспубліканскімі навукова-матадычнымі выданнямі. Распрацоўкі некаторых маіх урокаў надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, мае метадычныя артыкулы можна знайсці ў “Весніку адукацыі”. На старонках “Настаўніцкай газеты” і часопіса “Адукацыя і выхаванне” размешчаны напрацоўкі пазакласнай і выхаваўчай дзейнасці. Вопытам патрыятычнага выхавання  я дзялюся праз публікацыі ў “Беларускай ваеннай газеце”,  лепшыя творчыя работы маіх сувораўцаў надрукаваны ў часопісе “Армія і культура”.

– Дзякуй Вам, Святлана Іосіфаўна, за цікавую гутарку, за Вашу мудрасць і шчырасць. Поспехаў Вам, здзяйснення ўсіх мар і пазітыўнага настрою!

Дзякуй! Я ўдзячна лёсу за дараваную мне прафесію і людзям, якія былі побач са мной. Настаўніцкі шлях няпросты, напоўнены ўдачамі і расчараваннямі, перамогамі і промахамі, але ён заўсёды светлы і пазітыўны. Бо ўсе мы разам маем непасрэднае дачыненне да адкрыцця новага і нязведанага, да стварэння будучага.

Карта сайта