1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 358-92-33

Медиагалерея

«Тихая война», или Как санкции разрушают страны

Наши партнеры

ГлавнаяНовостиПадарожжа ад каменнага веку да сярэднявечча
04 октября 2018

Падарожжа ад каменнага веку да сярэднявечча

У падарожжы нам спрыяла ўсё: яскравае восеньскае сонейка, якое пасля халодных дажджлівых дзён лагодна ўсміхнулася, лёгкая дарога, цудоўная кампанія.

У Суле нас сустракалі з дудой, барабанам і конным эскортам! Кажуць, першае ўражанне самае моцнае, а мы былі сапраўды прыемна ўражаныя. Мы думалі, што прыехалі на экскурсію, але экскурсавод Аляксандра нам патлумачыла, што патрапілі мы ў вялікае падарожжа ў часе і пачынаць яго будзем ад каменнага веку.

І сапраўды, стаянка старажытнага чалавека выглядае так, што здаецца, нібы ён тут жыве да сённяшніх дзён: гарыць агонь, амаль даедзены мамант, жыллё, абцягнутае скурай, выглядае вельмі ўтульным. Мы пазнаёміліся з веравызнаннямі язычніцкіх часоў і нават паразмаўлялі з вядзьмаркай. Разам правялі абрад, каб адвесці ўсё ліхое, і рушылі ў часы варагаў.

Сула размяшчаецца менавіта на гістарычным шляху з варагаў у грэкі. У той час варагі ў нашых мясцінах будавалі свае паселішчы, адно з якіх мы і наведалі. Нас сустрэў ваяр, прапанаваў сесці ў яго дракар – варажскі човен – і праплыць частку гэтага славутага шляху. Каб мець такую магчымасць, мы павінны былі даказаць, што таксама з’яўляемся сапраўднымі ваярамі. Нашым выпрабаваннем стала кіданне сякер. Як высветлілася, жанчыны ў прафсаюзе нават большыя ваяры, чым хлопцы. Мо таму, што ў паўсядзённым жыцці ў іх больш практыкі з халоднай зброяй. Але вынікі варага задаволілі – і мы ўжо на дракары. Безумоўна, з вады ўсё падаецца найпрыгажэйшым і захапляльным. Краявіды ракі Сулы проста цудоўныя, нават і не верыцца, што толькі чатыры гады таму тут былі адны руіны.

З дракара мы адразу патрапілі ў сярэднявечча: высокая вартаўнічая вежа, каля якой раскінуліся збройная кузня, майстэрня ганчара і каменяломня, бо будаўніцтва там не прыпыняецца. Каваль, ганчар і каменячос распавялі нам пра свае майстэрствы, беларускія традыцыі і правялі майстар-класы.

Не менш цікавая і Сула XVIII–XIX стагоддзяў. У тыя часы яна належала роду Ленскіх, пры іх былі пабудаваныя сядзібны дом і капліца ў класічным стылі.

Сула вельмі разнастайная, там ёсць дзе бавіць час, таму ехаць туды трэба на цэлы дзень. Але ў нашых планах было яшчэ наведванне касцёла святога Юзэфа ў вёсцы Рубяжэвічы.

Вельмі натхнёную экскурсію  ў касцёле і вакол яго правяла для нас спадарыня Рамуальда, парафіянка касцёла і мясцовая актывістка, а невялікі арганны канцэрт выканаў яе муж Тадэвуш. Нечаканасцю для ўсіх было даведацца, што Наталля Пятроўна Коўчур шмат гадоў таму ўжо мела магчымасць іграць у гэтым касцёле на аргане. Яна выканала для нас некалькі твораў. Вярнуцца туды, дзе не быў шмат гадоў, і дакрануцца да такога велічнага інструмента – вельмі хвалюючы момант.

Ад усёй групы дзякую нашаму экскурсаводу Яўгену Маслоўскаму, які падчас усёй экскурсіі быў з намі на адной хвалі, уздымаў наш настрой і ўзбагачаў новай цікавай інфармацыяй.

          Вялікая падзяка мэнэджару ТЭУП “Беларустурыст” Сяргею Аліеву за дапамогу ў арганізацыі цудоўнай экскурсіі.

Ад прафсаюзнага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі яшчэ раз вялікі дзякуй усяму прафсаюзнаму актыву, хто быў на экскурсіі і хто па пэўных прычынах не змог паехаць, за працу і энтузіязм. Спадзяюся, што да шэрагаў актыўных сяброў будуць далучацца ўсё больш нашых калег, а падобныя сумесныя мерапрыемствы стануць добрай традыцыяй.

 

Аляксандр ДАВІДОВІЧ

 

Карта сайта