1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 358-92-33

Медиагалерея

«Тихая война», или Как санкции разрушают страны

Наши партнеры

ГлавнаяНовостиНа байдарках па рацэ Лоша
05 июля 2023

На байдарках па рацэ Лоша

Вось ужо лета падыходзіць да свайго росквіту, і сябры прафсаюза Нацыянальнага банка традыцыйна накіроўваюцца ў паход. Сёлета быў абраны даволі аддалены маршрут па рацэ Лоша ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці.

Першая стаянка і пачатак нашага сплава былi недалёка ад вёскi Субялі. Вечар каля вогнішча і вады чаруе, асабліва ў купальскія дні. Уладкаваліся ў намётах і павячэралі. Гэты вечар са спевамі каля агню шмат у каго скончыўся каля чацвёртай раніцы.

На пачатку новага дня, падрыхтаваўшы байдаркі, мы рушылі да нашага першага прыпынку – а/г Гервяты. На гэтым этапе рака была даволі шырокая, шмат перашкод не было, яна бегла вельмі ціха, таму напоўніцу можна было палюбавацца наваколлем. Пейзажы былі вельмі зменлівымі і ўражвалі разнастайнасцю азёрных раслін. Вялікая колькасць птушак не давала сумаваць, яны так і наравілі пагуляцца ў перагонкі.

Невялікай перашкодай стала наяўнасць некалькіх плацін. Каб прайсці адныя трэба было пераносіць байдаркі па зямлі, з другімі змаглі справіцца толькі намачыўшы ногі. Як не дзіўна, але вада ў рэчцы была незвычайна цёплая.

Наш прыпынак ў а/г Гервяты запоўніўся надзвычай цікавай экскурсіяй па касцёлу імя Святой Тройцы ад мясцовых школьнікаў-экскурсаводаў. Яны вельмі натхнёна распавядалі пра свой край і гісторыю гэтага помніка архітэктуры. І, канешне, вельмі ўражвае прыкасцёльны парк, які змяшчае дзесяткі цікавых раслін.

Недалёка ад касцёла, у будынку старога млына, дзе зараз працуе кавярня, мы вельмі смачна паабедалі. Праўду кажучы, пасля захацелася паспаць, але нам трэба было прайсці яшчэ палову адведзенага на дзень шляху.

На другой стаянцы мы ўбачылі валейбольнае поле. Нашы сябры на поўніцу скарысталіся такой магчымасцю і паўвечара гулялі ў мяч. Пасля вячэры, усе сабраліся каля вогнішча, каб паразмаўляць і паспяваць.

У апошні дзень сплава мы патрапілі пад невялікі дожджык. Але ён ніяк не сапсаваў наш настрой, нават дадаў пэўнага каларыту другому дню. Ды і вялікая колькасць валуноў і астраўкоў у рэчцы не давала прыснуць, патрабавала пільнасці і неабходнасці пастаянна манеўраваць.

Сплаў быў не вельмі працяглым, каля 30 км. Але ўражанняў нам хопіць на ўсю працяглую зіму аж да наступнага лета і наступнага пахода.

Давідовіч А.А.

Карта сайта