1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375 (17) 358-92-33

Медиагалерея

«Тихая война», или Как санкции разрушают страны

Наши партнеры

ГлавнаяНовостиАдкрываем гісторыю Мінска
04 октября 2018

Адкрываем гісторыю Мінска

Пачалі мы з экскурсіі па галоўным праспекце Мінска, якую для нас праводзіў гісторык, краязнаўца і экскурсавод Іван Сацукевіч. Ён распавёў нам пра гісторыю галоўнай трасы горада, якая неаднаразова мяняла не толькі назвы (Захар’еўская, Савецкая, Леніна, Скарыны і інш.), але і сваё знешняе аблічча. Пачулі мы цікавыя апавяданні і легенды пра архітэктурныя дамінанты гістарычнай часткі праспекта ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі. Даведаліся, што было на месцы Кастрычніцкай плошчы. Прагуляліся па схаваных дворыках. Праспект – візітная картка Мінска, адзін з найбуйнейшых архітэктурных комплексаў Еўропы, пабудаваны ў стылі неакласіцызму. Ён прываблівае сваёй прыгажосцю і варты быць занесены ў Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Наступная экскурсія была прысвечана Аляксандраўскаму скверу, і правёў яе экскурсавод Павел Мезаўцоў. Гэтыя прыгожыя мясціны, якія памятаюць арыстакратычныя манеры ХІХ ст. і складаныя падзеі ХХ ст., застаюцца ўлюбёным месцам адпачынку і сёння. Падчас экскурсіі мы пачулі і пра лёс Архірэйскага падворка, і пра гісторыю «каралеўскага» фантана, даведаліся, дзе стаяў «імператарскі» помнік, дзе планавалі будаваць Дом Урада, гарадскі тэатр.

Экскурсію па Трактаразаводскім пасёлку правёў для нас Іван Сацукевіч. Пасёлак узводзіўся ваеннапалоннымі немцамі ў 1940–1950-х гг. Гэты куток горада захаваў подых часу эпохі будаўніцтва развітога сацыялізму ў СССР. Трактаразаводскі пасёлак – прыклад горада ў горадзе, які будаваўся для найвялікшага прадпрыемства Мінска. Невысокія дамы, утульныя дворыкі, якія патанаюць у зеляніне, і архітэктура ў стылі неакласіцызму складаюць уражанне, што савецкі чалавек жыў у палацы. Там мы адшукалі і шмат будынкаў былой ваеннай часці, якая размяшчалася на гэтым месцы, ды пабудовы пасёлка, і нават парадны пляц. Знайшліся сярод наведвальнікаў экскурсіі і тыя, хто тут нарадзіўся і жыў. Для іх шпацыр-вандроўка ў Трактаразаводскі пасёлак стаў падарожжам на малую радзіму. На жаль, сёння шмат размоў вядзецца пра знос гэтага ўнікальнага комплексу. Будзем спадзявацца, што такога не адбудзецца, а сам Трактаразаводскі пасёлак стане буйным турыстычным цэнтрам, бо такі патэнцыял у яго, безумоўна, ёсць.

Для веласіпедыстаў мы зладзілі велаэкскурсію “Таямніцы Лошыцкага парку”. Чароўны Лошыцкі парк схаваўся ад горада на самым яго ўскрайку. Разам з экскурсаводам Таццянай Гайдук мы з захапленнем пагарталі старонкі гісторыі гэтага прыгожага месца. Былы маёнтак Прушынскіх, знакамітая баляваннямі сядзіба графа Любанскага, месца загадкавай гібелі Ядвігі Кяневіч, сцежкі шпацыраў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, штаб па падрыхтоўцы дыверсантаў НКУС, месца сталінскіх расстрэлаў і нарадаў нацысцкага штаба, база навуковых даследаванняў пад кіраўніцтвам сусветна вядомага акадэміка М. Вавілава… Трапляеш у Лошыцкі парк і забываеш, што знаходзішся ў буйным горадзе, час пачынае бегчы па-іншаму.

Аматары музыкі разам з лаўрэатам міжнародных конкурсаў, фагатыстам, музыказнаўцам, дырыжорам і экскурсаводам Аляксеям Фраловым з дапамогай ТЭУП “Беларустурыст” мелі магчымасць даведацца пра Мінск музычны. Экскурсія прайшла праз мясціны, звязаныя з багатай гісторыяй музычнай культуры Беларусі розных стагоддзяў, разгарнула парадныя і закулісныя старонкі музычна-тэатральнага жыцця нашага горада. Мы пазнаёміліся з лёсамі і “творчымі адрасамі” самых выдатных нашых музычных і тэатральных дзеячаў – геніяльных беларускіх сімфаністаў ХХ ст. Яўгена Глебава, Уладзіміра Солтана і “меладыста” Ігара Лучанка. Прагучалі для нас і больш далёкія струны гісторыі – аповеды пра кампазітараў Мінска мінулых эпох Дамініка Стэфановіча і яго вучня – класіка беларускай і польскай музыкі Станіслава Манюшкі, яго сяброў – Фларыяна Міладоўскага і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Узгадалі, дзе былі арганы ў храмах Верхняга горада, школа арганістаў XIX ст. і першая музычная бурса XVIII ст., месца пастаноўкі першай беларускай оперы Манюшкі, дзе прагучала са сцэны родная мова, дом Манюшкі і музычны салон Ваньковічаў, гарадская сядзіба Пшаздзецкіх, у якой не аднойчы бываў слынны кампазітар і дыпламат М. Агінскі. Гэтую экскурсію мы ладзілі разам з “Беларустурыст”

Завяршыўся сёлетні экскурсійны сезон па Мінску прагулкай з Іванам Сацукевічам па парку Горкага – былому Гарадскому саду. Мы даведаліся пра заснаванне гэтага парку і пра тое, што было тут раней. Убачылі месца, дзе да вайны жыў Якуб Колас. Знайшлі ўсе былыя і сучасныя помнікі парку: Горкаму, Сталіну, Цыялкоўскаму, Карнееву, Дауману і Флаксу.

Актыўныя ўдзельнікі нашых экскурсій ужо добра ведаюць, што ў Мінску ёсць на што паглядзець і шмат чаго паказаць і распавесці сваякам, сябрам, гасцям сталіцы.

У наступным годзе мы працягнем знаёмства з горадам, дададзім новы ракурс і палюбуемся на яго, напрыклад, з вады, запросім цікавых экскурсаводаў.

Паважаныя калегі, далучайцеся, калі ласка, да вандровак па Мінску, бо месца, якое ты ведаеш, становіцца ўдвая даражэйшым сэрцу і ўтульным для жыцця.

 

Аляксандр ДАВІДОВІЧ

 

Карта сайта